НЕІНЕРЦЫЯ́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА АДЛІ́КУ,

сістэма адліку, у якой не выконваецца інерцыі закон. Практычна ўсе рэальныя сістэмы адліку — неінерцыяльныя, яны рухаюцца з паскарэннем (напр., верцяцца) адносна інерцыяльнай сістэмы адліку, звязанай с Сонцам (т.зв. сістэма Каперніка), і ў іх дзейнічаюць сілы інерцыі.

У адрозненне ад інерцыяльных сістэм адліку, якія не адрозніваюцца адна ад адной, кожная Н.с.а. мае свае асаблівасці, што вызначаюцца характарам руху самой сістэмы, выбарам цела адліку і наяўнасцю сіл прыцягнення (гравітацыйнага ўзаемадзеяння). Напр., у некаторых Н.с.а. можна выявіць часткі прасторы, дзе сілы інерцыі практычна не дзейнічаюць. Гэтыя асаблівасці ўлічваюцца пры разліках руху цел (касм. апаратаў, камет, астэроідаў і інш.) адносна Н.с.а., звязаных з Зямлёй ці інш. аб’ектам Сонечнай сістэмы.

А.І.Болсун.

т. 11, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)